Вход на сайт

ПОДЫХ ЧАСУ. АДЗІН ДЗЕНЬ ПІНСКАЙ АБЛАСНОЙ КАЛЕГІІ АДВАКАТАЎ (БЕЗ ПРАВА НА ПРАЦУ)

        Жыццё беларускага народа ў першыя пасляваенныя гады было складаным. Перыяд пасляваеннага аднаўлення ўключаў цяжкае пераадоленне наступстваў вайны. Палітычнае развіццё дзяржавы ў той перыяд з цяперашняга пункту гледжання ацэньваецца неадмыслова. Некаторыя аўтары лічаць, што гэты час быў апагеем таталітарызму. Іншыя мяркуюць, што маштабы рэпрэсій пасля вайны былі непараўнальна меньшымі, чым у даваенны перыяд. Беларуская пасляваенная рэчаіснасць дае мноства фактаў на карысць абодвух пунктаў гледжання.

         Пад махавік рэпрэсій траплялі прадстаўнікі самых розных груп насельніцтва. Аднак, сёння нам найбольш вядомы імёны дзеячаў культуры, дзяржаўных кіраўнікоў і ваеннаначальнікаў, лёсы якіх былі знявечаны. У большасці выпадкаў нам нічога невядома пра сялян, рабочых, служачых, жыццё якіх было скалечана цяжкімі ботамі рэпрэсіўнай машыны.

         Ахвяры рэпрэсій былі абязлічаны штампамі: “кулак”, “шкоднік”, “контррэвалюцыйны элемент”. Цяжкая доля чакала і іх сваякоў, на чыіх вачах адбываліся арышты бацькоў, мужоў, братоў. Фактычна ў адзін момант гэтыя людзі самі станавіліся “ізгоямі” ў сваёй роднай краіне.

         Не пазбегла ўзгаданых трагічных падзей і адвакацкая супольнасць.

         11 лістапада 1950 года праходзіла пасяджэнне прэзідыума Пінскай абласной калегіі адвакатаў.

         У той дзень на пасяджэнні прысутнічалі: старшыня -  таварыш Сычоў, члены прэзідыума - таварышы Сыркін, Кубар, Зуеўскі, намеснік начальніка ўпраўлення Міністэрства юстыцыі БССР па Пінскай вобласці - таварыш Кузьмянкоў і адвакат Янчэўская.

         Прысутныя слухалі інфармацыю старшыні прэзідыума аб выніках узнаўлення матэрыялаў асабістай справы адваката Давыд-Гарадоцкай юрыдычнай кансультацыі Янчэўскай М.У.

         Зачытаўшы абедзве аўтабіяграфіі Янчэўскай, складзеныя ёю – першая 1 лістапада 1947 года, а другая 11 лістапада 1950 года, Сычоў паведаміў, што адвакат Янчэўская пры прыняцці яе ў лістпадзе 1947 года ў члены калегіі ў сваёй аўтабіяграфіі ўтаіла факт асуджэння ў 1938 годзе асобай нарадай НКУС СССР свайго мужа Арцямкова Г.Г. на пяць гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі. Толькі ў кастрычніку 1950 года, будучы выкліканай начальнікам упраўлення Міністэрства юстыцыі таварышам Чэкрыгіным, яна прызнала факт асуджэння  Арцямкова Г.Г. Такім чынам, на працягу трох гадоў Янчэўская утойвала вышэйазначаную акалічнасць аб сваім мужу.

         11 лістапада, выкліканая ў прэзідыум абласной калегіі, Янчэўская зноў запоўніла асабісты лісток па ўліку кадраў і паўторна напісала сваю аўтабіяграфію, у якой адзначыла факт асуджэння мужа.

         Слова для тлумачэння было прадастаўлена адвакату Янчэўскай. Яна расказала прысутным, што ў  аўтабіяграфіі, складзенай 1 лістапада 1947 года пры прыёме ў адвакатуру, яна не паведамляла аб судзімасці мужа, паколькі к гэтаму часу ён ужо адбыў пакаранне. Факту асуджэння мужа яна не надавала належнага значэння і не лічыла патрэбным асвятляць гэта ў аўтабіяграфіі. Янчэўская патлумачыла таксама, што шлюб з Арцямковым яна не рэгістравала да цяперашняга часу, знаходзіцца з ім ў фактычных шлюбных адносінах з 1928 года. У 1949 годзе Арцямкоў зноў быў высланы ў Краснаярскі край. У цяперашні час яны абменьваюцца  пісьмамі, а яшчэ штомесячна яна атрымлівае ад яго  па 200 рублёў на ўтрыманне дзяцей.  

         Намеснік начальніка ўпраўлення Міністэрства юстыцыі таварыш Кузьмянкоў у сваім выступленні адзначыў, што нядаўна ЦК КП(б)Б правёў праверку кадраў юстыцыі, у тым ліку і адвакатуры. У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што шэраг адвакатаў, сярод якіх аказалася і адвакат Янчэўская, утойвалі факты, якія іх ганьбяць. Янчэўская ўтаіла факт асуджэння  мужа за ўдзел у контррэвалюцыйнай дзейнасці, а таму, з прычыны гэтага, не можа быць членам калегіі адвакатаў і падлягае звальненню.

         Член прэзідыума таварыш Зуеўскі выказаў меркаванне, што таварыш Янчэўская, безумоўна, павінна панесці пакаранне за свае паводзіны незалежена ад таго, наўмысна ці ненаўмысна, яна гэта зрабіла.

         Член прэзідыума таварыш Сыркін адзначыў, што ён схільны думаць, што ўсё ж адвакат Янчэўская ўтойвала факт асуджэння Арцямкова ненаўмысна, хоць не гэта цяпер галоўнае. У цяперашні час востра стаіць пытанне: ці можа Янчэўская далей працягваць  працаваць у саставе абласной калегіі адвакатаў? Асабіста Сыркін прытрымліваецца  меркавання, што па гэтым пытанні трэба было б пракансультавацца ў Міністэрстве юстыцыі БССР. Сыркіну думаецца, што Янчэўскую трэба звольніць па ўласным жаданні, калі яна згодзіцца, паколькі пры наяўнасці ўстаноўленых абставін у адвакатуры яна больш працаваць не можа.

         Член прэзідыума таварыш Кубар зазначыў, што ўтойванне  Янчэўскай фактаў асуджання мужа за контррэвалюцыйнае злачынства ў 1938 годзе і  высылкі яго ў адміністрацыйным парадку ў цяперашні час, безумоўна, устаноўлены.

         У заключэнне старшыня прэзідыума таварыш Сычоў падвёў вынікі разгляду справы адваката Янчэўскай. Ён  зрабіў выснову, што факт утойвання Янчэўскай судзімасці мужа за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі пры прыёме яе ў адвакатуру трэба лічыць устаноўленым. Толькі праз тры гады працы ў адвакатуры  Янчэўская  прызналася ў гэтым, але не па добрай волі, а пасля выкліку да начальніка ўпраўлення Міністэрства юстыцыі. Указанне Янчэўскай на тое, што да моманту прыёму ў адвакатуру, яе муж ужо адбыў пакаранне, і, што яна, нібыта, не лічыла патрэбным па гэтай прычыне ўказваць у сваёй аўтабіяграфіі аб судзімасці мужа, трэба расцэньваць, як жаданне сябе апраўдаць. Незалежна ад таго, адбыў ці не адбыў муж пакаранне, Янчэўская абавязана была пра гэтую вельмі важную акалічнасць напісаць у сваёй аўтабіяграфіі. Не вытрымлівае крытыкі і яе заява аб тым, што паколькі яна не знаходзіцца з Арцямковым у зарэгістраваным шлюбе, утойванне яго судзімасці, нібыта, не мае значэння. Янчэўская знаходзілася ў фактычным шлюбе з Арцямковым з 1928 года, мае ад яго траіх дзяцей, у цяперашні час падтрымлівае з ім сувязь і атрымлівае ад яго грашовую дапамогу. Такія няслушныя адгаворкі Янчэўскай лішні раз сведчаць аб тым, што яна наўмысна ўтойвала факт судзімасці мужа пры напісанні аўтабіяграфіі 1 лістапада 1947 года.

         Па меркаванню таварыша Сычова адваката Янчэўскую варта выключыць з ліку Пінскай абласной калегіі адвакатаў.

         Пастановай прэзідыума Янчэўская была выключана  са складу членаў Пінскай абласной калегіі адвакатаў. Забеспячэнне юрыдычнай дапамогай насельніцтва Давід-Гарадоцкага раёна было часова ўскладзена на адваката Столінскай юрыдычнай кансультацыі таварыша Лебедзева, якому прапанавана прыняць ад Янчэўскай па акце усё справаводства Давід-Гарадоцкай юрыдычнай кансультацыі.

         Пад гэтым рашэннем старшыня прэзідыума Сычоў і ўсе члены прэзідыума паставілі свае подпісы.

         28 лістапада 1950 года загадчыца Давыд-Гарадоцкай юрыдычнай кансультацыі Янчэўская М.У. падала ў прэзідыум Пінскай абласной калегіі адвакатаў заяву з просьбай вызваліць яе ад займаемай пасады па ўласным жаданні ў сувязі з тым, што па абставінах асабістага парадку яна мае намер пераехаць у іншы горад.

         У той жа дзень пасяджэнне прэзідыума Пінскай абласной калегіі адвакатаў разгледзела гэтую заяву і  просьбу адваката Янчэўскай М.У. задаволіла: яна была выключана з членаў Пінскай абласной калегіі адвакатаў па ўласным жаданні.

         Трагедыя падзей, якія адбываліся ў згаданы час, у тым, што мэтай пакарання было разбурэнне сацыяльных і сямейных сувязей людзей. Пакаранне пагражала і асуджанным, і ўсім, хто знаходзіўся з імі ў самых звычайных адносінах, ад выпадковага знаёмства да блізкага сяброўства ці сваяцтва. Кожная асабістая трагедыя чалавека з'яўляецца неад’емнай часткай  агульнай трагедыі ўсяго народа. Мы не павінны забываць тыя складаныя ўмовы, у якіх прыйшлося жыць і працавать, у тым ліку і нашым калегам. Палітычныя рэпрэсіі, так ці інакш, закранулі мільёны людзей. Яны  знявечылі душы і тых, хто папаў у жорны рэпрэсій,  і іх нашчадкаў. Мноства людзей было бязвінна асуджана, іх блізкія вымушаны былі жыць з кляймом “ворагаў народа”, падвяргацца розным абмежаванням і дыскрымінацыі.

         Мы павінны памятаць пра той страшны час, каб у сучаснай Рэспубліцы Беларусь гэта ніколі ўжо не паўтарылася. Няхай у свядомасці людзей заўсёды жыве вера ў справядлівасць, міласэрнасць, дабро і любоў.          

    *Пры напісанні артыкула былі выкарыстаны  архіўныя матэрыялы Пінскай абласной калегіі адвакатаў, якія захоўваюцца ва Ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г. Пінску».

Комментарии

Аватар пользователя Гость
Гость

Вельмі нават нічога! Даволі пазнавальны артыкул.

Добавить комментарий

Отправляя эту форму, Вы соглашаетесь с политикой приватности Mollom.